
20 красавіка 2023 года ў Бабруйску адбыўся паказ інклюзіўны спектакль “Жыць…”, дзе ў якасці акцёраў выступілі выхаванцы і супрацоўнікі Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей з інваліднасцю.
На сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра імя Вінцэнта Дуніна Марцінкевіча (г. Бабруйск) адбыўся інклюзіўны спектакль “Жыць…” паводле серыі апавяданняў Шалом-Алейхема “Тэўе-малочнік”. У пастаноўцы ўзялі ўдзел незвычайныя акцёры – выхаванцы і супрацоўнікі Гомельскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Пастаноўшчыкам п’есы стаў акцёр Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Сяргей Юрэвіч. Ініцыявала правядзенне мерапрыества сацыяльна-дабрачынная ўстанова “Ёсць справа”.
Спектакль рыхтаваўся да паказу больш за палову года. У ім задзейнічаныя 25 акцёраў. Прэм’ерны паказ адбыўся на прафесійнай сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэтра і ўжо тройчы збіраў аншлаг у тэатральных залах у Гомелі і Магілёве.
Гледачы спектакля апынуліся ў габрэйскім мястэчку пачатку ХХ стагоддзя і разам з героямі пражылі невялікае жыццё, напоўненае радаснымі і журботнымі падзеямі.
«Ужо чацвёрты раз інклюзіўны спектакль «Жыць…» будзе паказаны на прафесійнай тэатральнай сцэне. І мы ганарымся, што на гэты раз наша тэатральная трупа атрымала запрашэнне ад адміністрацыі тэатра прыехаць з пастаноўкай у слаўны горад Бабруйск. Гэта, напэўна, і ёсць прызнанне таго, што творчасць не мае межаў. Мы сур'ёзна рыхтуемся да кожнага спектакля, нястомна рэпетыруем, шукаем і знаходзім новыя рашэнні і новыя сэнсы. І кожны раз на сцэне па-новаму адкрываем для сябе твор і сваю ролю ў ім і ў нашым жыцці ў цэлым. Мы будзем задаволеныя, калі спектакль адкрые для кагосьці новы свет, выкліча эмоцыі, прымусіць задумацца пра сапраўдныя каштоўнасці чалавечага жыцця, сярод якіх само жыццё і ёсць найвялікшая каштоўнасць,” – адзначыў перад паказам пастаноўшчык п’есы Сяргей Юрэвіч.
Перад спектаклем у фае тэатра гледачоў чакала свята з жывой музыкай і выставай творчых работ выхаванцаў дзяцячых дамоў сямейнага тыпу г. Бабруйска, арганізаванай Магілёўскім аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду. А гульнявая пляцоўка праекта "Рух у радасць" ад арганизацыі "Карытас" перанясла ўсіх жадаючых незалежна ад узросту ў “Радасны свет дзяцінства”.
Вельмі важным складнікам гэтага тэатральна-сацыяльнага праекту з'ўляецца дасягненне сапраўднай інклюзіі людзей з асаблівасцямі развіцця ў грамадскую агульную сацыякультурную прастору. Тыя эмоцыі захаплення, шчасця творчай рэалізацыі, пра якія марыць кожны чалавек - павінны быць дасяжныя кожнай асобе, незалежна ад стану здароўя.
Словы ўдзячнасці усім, хто прыклаў свае намаганні, каб гэты праект адбыўся і тым, хто дапамагае яму працягваць сваё існаванне!
*Мерапрыемства арганізавана ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Выбудоўванне эфектыўных механізмаў абароны для паляпшэння становішча дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці і захворваннямі, якія абмяжоўваюць працягласць жыцця», зарэгістраванага Міністэрствам эканомікі РБ 02.11.2020 г. № 2/20/001108. Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза Грамадскай дабрачыннай арганізацыяй “Беларускі дзіцячы хоспіс” пры падтрымцы дабрачыннай арганізацыі HealthProm (Велікабрытанія) разам з мясцовымі партнёрамі – Рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем бацькоў неданошаных дзяцей “Рана” і Магілёўскім абласным аддзяленнем Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”. Сацыяльна-дабрачынная ўстанова «Цэнтр садзейнічання нармалізацыі жыцця сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва «Ёсць справа» – інфармацыйны партнёр праекта.
